суббота, 4 января 2014 г.

На што абапіраецца вера Касцёла  ў існаванне чысца ?



Для многіх людзей застаецца загадкай навучанне Каталіцкага Касцёла пра чысцец. Часта ўзнікаюць пытанні, што гэта такое і адкуль паходзяць веды пра яго існаванне. Адны лічаць чысцец асобным месцам, на падабенства таго, якое прадставіў у сваёй “Боскай камедыі” Дантэ Аліг’еры, другія лічаць чысцец праклёнам ці пакараннем, трэцція, бачаць у ім усяго толькі неабгрунтаваную выдумку, падстаў для якой ў Святым Пісанні няма.
Трэба адзначыць, што сапраўды, у Бібліі не знойдзеш самаго слова “чысцец”, бо гэта тэалагічны тэрмін, які быў уведзены пазней, але казаць што ў Святым Пісанні няма ўспамінаў пра яго – неправільна. Дагмат пра чысцец, быў прыняты, галоўным чынам на Ферара-Фларэнтыйскім і Трыдэнскім Саборах (XV-XVI cтст.), на падставе касцёльнай традыцый, якая ў сваю чаргу спасылаецца на некаторыя тэксты Святога Пісання. Аб іх мы пагаворым у нашай сённяшняй праграме.

Па-першае трэба адзначыць, што Касцёл называе чысцам, стан, у які трапляюць тыя, хто памірае ў сяброўстве з Богам, але мае ўсё ж патрэбу ў ачышчэнні дзеля таго, каб атрымаць святасць, неабходную для уваходу ў нябеснае шчасце. Гэта не канкрэтнае месца, але менавіта часовы стан, у які душа чалавека, які не меў цяжкіх грахоў, трапляе пасля смерці і праходзіць ачышчэнне неабходнае, каб атрымаць радасць прабывання побач з Богам. Таксама гэта не праклён і не пакаранне. Чысцец дае душы чалавека магчымасць дасягнуць нябеснага шчасця.

Нягледзячы на тое, што дагмат пра чысцец быў канчаткова зацверджаны толькі ў XVI ст., вера ў магчымасць ачышчэння ад грахоў пасля смерці прысутнічала ў Касцёле ад самага пачатку.

Ужо некаторыя Айцы Касцёла, як напрыклад св. Кіпрыян, які памёр у 258 г. падтрымліваў навучанне аб існаванні чысца, абапіраючыся на словы Езуса запісаныя ў Евангеллі паводле св. Мацвея: “Мірыся з праціўнікам тваім хутка, пакуль ты з ім яшчэ ў дарозе, каб праціўнік не аддаў цябе суддзі, а суддзя не аддаў цябе слугу, і каб не ўкінулі цябе ў вязніцу. Сапраўды кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошні грош” (Мц 5,25-26).

Св. Кіпрыян сцвярджаў, што для памерлых вернікаў, асабліва для мучанікаў, збаўленне наступае адразу пасля смерці. Таксама ён казаў пра тое, што тыя, хто памірае ў цяжкім граху, адразу трапляюць у пекла. З гэтым было ўсё зразумела. Але ён думаў таксама пры тых вернікаў, якія падчас ганенняў адмаўляліся ад веры, але потым шкадавалі за гэта і каяліся. Так як некаторыя з іх паміралі да канца не адкупіўшы свой грэх (у тыя часы напачатку вернікі павінны былі чыніць доўгі жаль за грахі і толькі пасля гэтага маглі прымірыцца з Касцёлам), ён сцвярджаў, што для такіх людзей, існавала магчымасць працягнуць ачышчэнне пасля смерці – менавіта ў чысцы.

У Евангеллі ёсць яшчэ адно ўказанне на існаванне чысца – калі Езус кажа пра грэх, які не будзе прабачаны “ні ў гэтым ні ў будучым веку” (Мц 12,32). Гэтыя словы сведчаць пра тое, што некаторыя грахі могуць быць прабачаны таксама і пасля смерці. Паводле навучання Касцёла гэта адбываецца менавіта ў чысцы.

Акрамя Евангелляў, у іншых частках Святога Пісання, ёсць указанні пра існаванне таго, што мы называем чысцец. Напрыклад св. Павел піша: “Я, паводле дадзенай мне ласкі Божай, як мудры дойлід, паклаў падмурак, а іншы будуе. Няхай кожны глядзіць, як будуе, бо ніхто не можа пакласці іншага падмурку, акрамя пакладзенага, якім ёсць Езус Хрыстус. А ці будуе хтосьці на гэтым падмурку з золата, срэбра, дарагіх каменняў, дрэва, сена, саломы, пакажа дзень, калі выявіцца справа кожнага. Бо ў агні выкрываецца, і агонь выпрабуе справу кожнага, якая яна. Калі чыя справа, якую ён будаваў, вытрывае, той атрымае ўзнагароду. А калі чыя справа згарыць, зазнае шкоду, сам жа збавіцца, але як бы праз агонь” (1 Кар 3,10-15). У гэтым фрагменце Апостал Народаў кажа пра ачышчальны агонь, які адкрывае шлях да збаўлення. Хоць тут і не гаворыцца прама пра чысцец, тым не менш менавіта з апорай на яго Касцёл пачаў развіваць сваё навучанне на гэту тэму.

Нарэшце, яшчэ адно ўказанне на існаванне чысца ўтрымліваецца ў старазапаветнай Другой Кнізе Макабэяў. Там гаворка ідзе пра загінуўшы падчас бітвы войнаў, за якіх узносілася ахвяра і малітва: “Таму прынёс (Іуда Макабэй) за памерлых ахвяру ўміласціўлення, каб ачысціліся ад граху” (2 Мак 12,46). Гэты фрагмент зноў жа ўказвае на існаванне магчымасці маліцца за душы памерлых, якія маюць магчымасць у тым, каб “ачысціцца ад граху”. Калі б яны прабывалі ў пекле, малітвай мы б ім ужо не дапамаглі, а калі на Небе – то малітвы ім ужо б былі не патрэбны. З гэтага вынікае, што душы памерлых, якія прыбывалі ў сяброўстве з Богам, трапляюць у часовы, прамежкавы стан ачышчэння, які мы называем чысцам. Такім чынам можна убачыць, што навучанне Касцёла пра чысцец не з’яўляецца неабгрунтаванай выдумкай, але абапіраецца на тэксты Святога Пісання.
http://be.radiovaticana.va/