пятница, 31 октября 2014 г.

Успамін усіх памерлых вернікаў (2 лістапада)

У лістападзе, у апошні восеньскі месяц, каталікі перажываюць дні памяці і малітвы за памерлых - дзень спаткання з веліччу жыцця пасьля смерці і ўспаміну тых, якія адыйшлі з гэтага свету.
Для хрысціяніна жыццё не заканчваецца, толькі змяняецца, а нашая сувязь з памерлымі не разрываецца, а наадварот узмацняецца. Для людскіх вачэй родныя людзі знікаюць і застаецца толькі магила. Для веруючага сэрца памерлы, якога любіць, назаўсёды застаецца вельмі блізкі…
Молімся за памерлых. Маліцца за іх будзем заўсёды… Не заўсёды, аднак, памятаем аб тым, што яны, удзельнічаючы ў вечным жыцці, можа чакаюць у Чыстцы на дасягненне Божай хвалы і патрабуюць нашай малітвы.
“Тыя людзі, што паміраюць у ласцы і сяброўстве з Богам, але яшчэ не ачышчаныя ў поўні, хоць ужо і ўпэўненыя ў сваім збаўленні, пасля смерці праходзяць ачышчэнне, каб атрымаць святасць, неабходную для ўвахода ў Неба”, - так вучыць Катэхізм Каталіцкага Касцёла.
Неба – месца прабывання Бога і святых, а таму, як гаворыць Святое Пісанне, “нішто нячыстае ў Яго не ўвойдзе”(Ап 21, 12). Душы ў чыстцы ўжо не могуць выпрасіць для сябе Божай Міласэрнасці, бо гэта магчыма ўчыніць толькі на зямлі. Таму яны з надзеяй чакаюць дапамогі ад нас; нашыя малітвы і ўчынкі міласэрнасці могуць дзейсна дапамагаць і нам і душам нашых памерлых.
Шмат хрысціянаў дасвядчаюць адчувальную дапамогу блізкіх, якія перакрочылі парог смерці. Яны давяраюць іх малитве свае цяжкія справы, моляцца аб іх збаўленні і просяць праз іх заступніцтва аб дапамозе. Збаўленыя душы ў небе не жывуць для сябе, але для іншых і могуць нам дапамагаць. Гэтая праўда ўмацоўвае нашую веру ў вечнае жыццё.

На працягу месяца лістапада молімся за душы памерлых, якія церпяць у чыстцы, а таксама дзякуем за тое, што, дасягнуўшы святасці, яны заступаюцца перад Тронам Бога за нас. Гэта таямніца. Яна стане вядомай толькі ў вечнасці, хоць і на зямлі можна заўважыць іх дзейнасць і дапамогу.
Згодна з традыцыяй, на працягу актавы ўспаміну ўсіх памерлых, якая працягваецца з 1 па 8 лістапада, вернікі наведваюць могілкі і моляцца за памерлых. У гэты час ёсць магчымасць атрымаць адпуст - поўнае адпушчэнне кары за грахі. Для атрымання адпусту неабходна быць у стане асвячальнай ласкі (гэта значыць, прыступіць да сакрамэнту споведзі), прыняць святую Камунію, памаліцца ў інтэнцыі Святога Айца і наведаць могілкі.
І менавіта тое, што мы можам даць нашым памерлым, - гэта наша малітва, якая з’яўляецца ўдзячнасцю за любоў нашых блізкіх і за ўсё добрае, што яны ўчынілі тут, на зямлі, і дазваляе нам трываць у духоўнай сувязі з імі. Тады і матэрыяльныя знакі памяці: помнікі, кветкі, знічы становяцца выразам нашай малітвы. Актава ўспаміну ўсіх памерлых - асаблівы час для кожнага хрысціяніна. У гэтыя дні ўвесь Касцёл у адзін голас моліцца за памерлых, заклікаючы да Божай міласэрнасці.

Не дзелім жа людзей на жывых і памерлых, але будзем жа ўспрымаць і адных, і другіх як сяброў. Тыя, якія памерлі і перайшлі да вечнага жыцця, з’яўляюцца найвярнейшымі сябрамі, бо ніколі не падвядуць нас; лепшымі, бо ведаюць аб якіх каштоўнасцях мы павінны клапаціцца, каб мець удзел у вечнай спадчыне, у Нябесным Валадарстве Бога.

http://catholic.by/

Комментариев нет: